СТО́ЛІНСКІ РАЁН Размешчаны на ПдУ Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940

(у сучасных межах з 19.1.1961). Пл. 3,4 тыс. км². Нас. 87,6 тыс. чал. (2002),

гарадскога 30%. Сярэдняя шчыльн. 26 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Столін. Уключае г. Давыд-Гарадок, р.п. Рэчыца, 95 сельскіх нас. пунктаў, Давыд-Гарадоцкі гар. Савет, Рэчыцкі пасялковы Савет, 18 сельсаветаў: Альшанскі, Белавушскі, Беражноўскі, Веляміцкі, Відзіборскі, Вялікамалешаўскі, Гараднянскі, Глінкаўскі, Лядзецкі, Манькавіцкі, Плотніцкі, Радчыцкі, Рамельскі, Рубельскі, Рухчанскі, Стружскі, Фядорскі, Харомскі. Тэр. раёна пацярпела ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, большая ч. яе забруджана радыенуклідамі да 5 Кі, на асобных участках да 15 Кі.

Раён знаходзіцца ў межах Прыпяцкага Палесся. Паверхня плоская, забалочаная, з участкамі градава-ўзгорыстага, дзюннага рэльефу і астанцамі надпоймавых тэрас. Пераважаюць выш. 130—140 м (80%), найвыш. пункт 168 м (каля в. Гарадная). Агульны нахіл паверхні з ПдЗ на ПнУ. Карысныя выкапні: торф, буд. і кварцавыя пяскі, тугаплаўкія і легкаплаўкія гліны (радовішчы Глінка, Столінскія Хутары) суглінкі, гаручыя сланцы (ч. Тураўскага радовішча гаручых сланцаў), буры вугаль. Сярэдняя т-ра студз. -5,4 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 547 мм за год. Вегетац. перыяд 203 сут. Найб. р. Прыпяць і яе прытокі Стыр, Гарынь, Сцвіга з Маствой (Львой). Воз. Вял. Засамінае; вадасх. Дубянецкае і Марочна. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: поймавыя забалочаныя (36,2%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (20,6%), тарфяна-балотныя (20%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (11,7%), дзярнова-падзолістыя (11,3%). Пад лесам 38,4% тэрыторыі. Лясы хваёвыя. чорнаальховыя, дубовыя, бярозавыя, ясянёвыя, грабавыя і інш.; каля 19% з іх штучнага насаджэння. Найб. адметныя масівы Беражноўская і Сцесінская лясныя дачы. Пад балотамі 21,7% плошчы. У межах раёна заказнікі рэсп. значэння: ландшафтныя Альманскія балоты і Сярэдняя Прыпяць; мясц. значэння: ландшафтны Рухчанскі, біял. Церабяжова-Каладнянскі, гідралагічны Ястрабель (частка), бат. мікразаказнік Столінскі. Помнікі прыроды рэсп. значэння: парк Манькавічы (гл. Столінская сядзіба «Манькавічы») і піхты каўказскія на паўн.-ўсх. ускраіне г. Столін; мясц. значэння: парк Новаберажное каля в Беражное, парк і дуб чарэшчаты ў в. Ніжні Церабяжоў.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 114 тыс. га. з іх асушаных 51,6 тыс. га. На 1.1.2002 у раёне 28 калгасаў, с.-г. прадпрыемства «Манькавічы», 14 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, птушкагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, бульбы, лёну, цукровых буракоў, зялёнага гарошку, садаводстве.

Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (цэгла), металаапр. (плугі для трактароў, ванны гальванічныя і інш.), дрэваапрацоўчай (кухонная мэбля, сталярныя вырабы), харч. (масла жывёльнае, сыры, кансервы плодаагароднінныя, сокі, хлебабулачныя вырабы і інш.), кааператыўнай (каўбасныя вырабы), паліўнай (торфабрыкет) прам-сці; эл.-мех. з-д (электрараспальванне для з-даў газавай апаратуры, эл. пледы награвальныя, грэлкі, настольныя лямпы, шашлычніцы), лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Лунінец—Сарны, аўтадарогі Пінск—Жыткавічы, Дубровіца (Украіна)—Жыткавічы. У раёне 1 гімназія, 34 сярэднія, 14 базавых, 8 пачатковых школ, 4 спарт., 4 муз. школы, 1 школа мастацтваў, 2 дамы дзіцячай творчасці, 3 вучэбна-вытворчыя камбінаты, ПТВ, Столінскі аграрна-эканамічны каледж, 24 дашкольныя ўстановы, 62 дамы культуры і клубы, 8 бальніц, скурна-венералагічны дыспансер, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, 10 амбулаторый, 41 фельч.-ак. пункт. Музеі: Столінскі краязнаўчы музей, нар. этнагр. (в. Цераблічы), нар. славы (р.п. Рэчыца). Помнікі архітэктуры: цэрквы Васкрасенская (1817) у в. Альгомель, Успенская (1888) у в. Альпень, Троіцкая (1905) у в. Белавуша, Параскевы Пятніцы (пабудавана каля 1884 на падмурку царквы 18 ст., перабудавана ў 20 ст.) у в. Беражное, Ільінская (1881) у в. Велямічы, Троіцкая (пабудавана ў 18 ст., перабудавана ў 1930-я г.) у в. Гарадная, Раства Багародзіцы (1718—20) у в. Дубенец, Пакроўская (1875) у в. Плотніца, царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Радчыцк, Міхайлаўская (18 ст.) у в. Рамель, Міхайлаўская (1796) у в. Рубель, Раства Багародзіцы (1730) у в. Рухча 1-я, Пакроўская (канец 19 ст.) у в. Стахава. Гіст. помнік — цэнтр ганчарнага рамяства ў в. Гарадная (гл. Гараднянская кераміка). Выдаецца газ. «Навіны Палесся».

А.​І.​Вярэніч, Р.​Р.​Паўлавец.

т. 15, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)